Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

0

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

Выстава мастацкага тэкстылю «Лічбы» Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску ўчора скончылася.

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

А цёплыя ўражанні ад прыемнага знаёмства з майстрам і яе мастацкімі творамі надоўга астануцца ў сэрцы наведвальнікаў.

Старадаўні 7-мы дом на вуліцы Талстога (Падвінскай) — лепшае месца для дэманстрацыі тэкстыльнага мастацтва. Кантраст брутальнага інтэр’еру і лагоднай мяккасці аўтарскіх твораў з першага погляду стварае ўтульны настрой. Нефарбаваныя сцены залы быццам убіраюць у сябе тэкстыльную цеплыню. Асабліва калі творы — тонкія, цалкам беларускія, па духу і па стылю .

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

«Лічбы» — гэта вытканы на кроснах асабісты дзённік Маргарыты Леанідаўны. Выстава юбілейная для аўтара, адначасова, яна і прысвячэнне 100-годзю са дня нараджэння Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва.

Віцебск — родны горад знакамітага мастака. Ён любіў разам з сям’ёй наведваць горад дзяцінства.

Габелен «1956 — прасякнуты ўспамінамі пра сям’ю і былое: хатка на беразе ракі і вялікія таполі ўздоўж вузкай вулачкі. А яшчэ, у 1956 годзе сям’я Шчамялёвых атрымала асабістую кватэру. Леанід Дзмітрыевіч, увайшоўшы ў пакой сказаў, што ніколі не будзе ў яго хаце дываноў. А потым узяў пэндзаль і намаляваў каляровыя арнаменты на падлозе.

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

«1956 год» , 2009. «Бясконцасць», 2013

Мастак Шчамялёў быў адкрытым і шчырым чалавекам. Так ён і пісаў: шырокі  ўзмах пэндзлю без дэталёвай прамалёўкі  і зыркія колеры. Да яго ў савецкай Беларусі ніхто так не рабіў. Тады  фарбы не вельмі шчыравалі на палатне. Ён навучыў мноства мастакоў колеру, у тым ліку, і сваіх дачок.

Маргарыта і Людміла цалкам ўвабралі навуку. Але Маргарыта з дзяцінства адзначала дэталі і дробязі. Таму, калі прайшоў час выбіраць якім напрамкам мастацтва займацца, то яна выбрала тэкстыль. Чым крыху здзівіла свайго бацьку.

Шчамялёвай пашчасціла з настаўнікамі. Міхась Раманюк перадаў студэнтам сваёю бязмерную любоў да Радзімы і старадаўнія традыцыі нацыянальнага ткацтва, а Аляксандра Кішчанка навучыў віртуознаму валоданню тэхнікай рамяства. Але ў адрозненне ад настаўніка, чый «Габелен века» увайшоў у кнігу рэкордаў Гінеса, як самы вялікі тэкстыльны твор. Але ў майстра былі памагатыя,а Маргарыта Леанідаўна працуе самастойна. А яшчэ ручное рамізнае ткацтва — гэта  фізічна цяжкі працэс.

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

Працуе Шчамялёва, у асноўным, летам, калі ёсць час вольны ад навучання студэнтаў у Акадэміі мастацтва. Асаблівасць твораў — выразны сюжэт і дэталёва вытрыманы малюнак. Гэта хутчэй жывапіс на кроснах чым тэкстыльны габелен.

Мастачка захапляецца наіўным стылем і творчасцю мастака, этнографа і пісьменніка Язэпа Драздовіча і душэўнасцю маляванак Алены Кіш.

Яна вучыць студэнтаў працаваць з душой і ўкладаць ў рамяство свае думкі. Габелен «Бязмежнасць» — гэта камплімент  Язэпу Драздовічу і яго маляванцы:

«У 2013 годзе, на маёй персанальнай выставе ў Музеі Сучаснага Мастацва да мяне падышоў хлопчык. І спытаўся ці можна яму дакрануцца да габелена? Канечне, я яму дазволіла.

У габелен «Бясконцасць» я заклала васьмёрку сімвал вечнага. І таго, што побач з бачным ёсць тонкі нематэрыяльны сусвет. Яго мы не бачым, але  адчуваем. Хацелася, каб цёплая шурпатасць драўляных шарыкаў на канве твора спрыяла думкам . Напрыклад, пра Бусла — сімвал нашай Радзімы. Куды ён лётае, калі вернецца, і што прынясе на сваіх крылах. Момант развагі — ці не галоўнае гэта ў Мастацтве?»   

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

На ўласнай выставе, звычайна, бывае аўтапартрэт.

У Маргарыты Леанідаўны гэта  «Пані, крышачку ў гадах». Цёплыя колеры, зладжаная постаць і глыбокая таямніца. Вобраз склаўся пад песню Зьміцера Вайцюшкевіча на вершы Рыгора Барадуліна. Паэт быў родным па духу ў доме Шчамялёвых.

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

На абавязковае пытанне пра любімы твор Маргарыта Леанідаўна  адказала:

 «Вядома, што ў бацькоў любімыя дзеткі малодшыя. І ў мяне гэта нядаўнія творы. Напрыклад — «Папараць-кветка», 2022 года. Па легендзе мноства людзей шукалі яе на Купалле, каб лёгка здабыць сваё шчасце. Але ніхто пакуль не знайшоў. А я ўявіла і адлюстравала свой варыянт. Мая Кветка — падарунак тым, хто прыйшоў на маю выставу ў пошуках дабра і святла. Я люблю сонца, радасць і пазітыў. Яго дорыць нашая цудоўная прырода. Блакіт возера, зелень лясоў, золата сонечных праменяў — гэта ўсё частка нашай Беларусі. У гэтай каларыстычнай гаме і створана мая кветачка. Хай яна дорыць шчасце і дабрабыт беларусам».

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

Папараць- кветка, 2022 год

Маргарыта Леанідаўна Шчамялёва ўпершыню прывезла сваю асабістую выставу ў Віцебск. І нам, урэшце, пашчасціла пазнаёміцца з такім цудоўным чалавекам.

Ці гэта не наша кветка шчасця цудадзейная прырода і цудоўныя людзі?

Магія лічбаў Маргарыты Шчамялёвай у Віцебску

Валошкавы вечар.2022 год

Памятаеце як у  «Каласах пад сярпом тваім» Караткевіча:

«Вельмі ж пану богу беларусы спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: «Рэкі вам даю поўныя, пушчы — нямераныя, азёры — нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду — пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А травы — як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы  — здатныя. На дойлідства — таксама. І будзеце вы жыць ды жыць, ну як…

Тут яго Мікола ў бок штурхае: «Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы божа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць — дай бог нам з вамі».

 Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць — лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы — да сонца. Добра, кажа, зямля будзе — рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі-трохі вам саб’е. Гэта вам для раўнавагі». Вось яно як!

І па-сакрэту ад Цэнтра сучаснага мастацтва: хутка плануецца адкрыццё выставы Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялева. Сачыце за аб’вамі Цэнтру.

Источник

Leave A Reply

Your email address will not be published.