Restory.by

Ператрус у прадпрымальніка з Рэчыцы Дзяніса Шылянка адбываўся з-за падазрэнняў у адміністраванні мясцовага тэлеграм-каналу

23 лютага прадпрымальніка вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання Буда-Кашалёўскага РАУС. Ён правёў там 12 сутак адміністрацыйнага арышту за нібыта непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі, піша «Палеская Вясна».

11 лютага з самай раніцы ў кватэру Дзяніса Шылянка ў Рэчыцы спрабавалі патрапіць міліцыянты. Пры гэтым уцямных падставаў для гэтага яму не прад’яўлялі, таму ён не адчыняў дзверы. А 9.40 раніцы да дома пад’ехаў белы бус з таніраванымі шыбамі. З яго выйшлі амонаўцы ў масках. Праз некалькі хвілін дзверы ў кватэру выламалі. Там правялі ператрус. Дзяніса Шылянка затрымалі на вачах яго дзяцей, жонкі і цешчы.

Пазней высветлілася, што яму прысудзілі 12 сутак арышту паводле артыкула 23.4 за непадпарадкаванне нібыта законным патрабаванням міліцыі. Калі жонка пайшла перадаваць перадачу ў Рэчыцкі РАУС, там яе не прынялі, сказаўшы, што ў іх Шылянка няма. Пазней ён знайшоўся ў ІЧУ Буда-Кашалёўскага РАУС. Паводле меркавання Дзяніса, яго туды накіравалі адмыслова, каб абцяжарыць зняволенне немагчымасцю атрымання перадачаў ад блізкіх.

Як распавёў па вызваленні Палескай Вясне Дзяніс Шылянок, яго падазраюць у адміністраванні аднаго з рэчыцкіх тэлеграм-каналаў дэмакратычнай скіраванасці.

У пастанове на ператрус згадвалася імя рэчыцкай актывісткі Бажэны Жолудзь, былой сяброўкі ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яна збірала ў Рэчыцы і Лоеве подпісы за вылучэнне Святланы кандыдаткаю на прэзідэнта. Напярэдадні выбараў у жніўні 2020 года з-за ўзмоцненага пераследу Бажэна вымушаная была эвакуявацца з Беларусі.  Паводле таго, што зразумеў з пастановы і аповядаў сілавікоў Дзяніс Шылянок, яны лічаць, што ён падтрымлівае сувязь з Бажэнай Жолудзь у справе змагання з дзейнай уладай.

Падчас ператрусу 11 жніўня з кватэры Дзяніса Шылянка вынеслі ўсю электроніку – тэлефоны, стацыянарны кампутар, ноўтбукі. Таксама ператрус прайшоў на ахоўваемай стаянцы, уладальнікам якой з’яўляецца Дзяніс. Адтуль забралі таксама аргтэхніку, кампутар, на які адбываўся запіс з камераў відэаназірання.

Падчас апытанняў Дзянісу пагражалі зняволеннем, тым, што да ягонай справы падключыцца Дэпартамент фінансавых расследаванняў і знойдзе нясплачаныя падаткі.

«Я не раблю нічога супрацьзаконнага. Але яны не ведаюць за што мяне ўчапіць. Тыя пратаколы за машыны з сімволікай, яны не здолелі належна аформіць, знайсці доказы ў справы – так і мінулі тэрміны прыцягнення да адказнасці. Зараз вось прыдумалі ператрус і непадпарадкаванне. Пужаюць нейкімі фінансавымі расследаваннямі. Я ўсё гэта ўспрымаю як застрашэнне. Але не такія яны і страшныя, каб іх баяцца. Усё роўна перамога будзе за народам і светлымі сіламі праўды!», – пракаментаваў сітуацыю Дзяніс Шылянок.