У судзе над Максімам Ялканавым з Рэчыцы дапыталі сведкаў

Усе, каго дапытвалі ў якасці сведкаў – сябры Ялканава, якія былі разам з ім 10 жніўня 2020 года. Допыты тых з іх, хто змог з’явіцца ў суд, занялі тры дні, піша «Палесская Вясна».

Крымінальную справу супраць жыхара Рэчыцы Максіма Ялканава разглядае ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля суддзя Сяргей Салоўскі. Ялканава абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады. Гэта злачынства прадугледжвае частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Пакаранне паводле яго можа быць да трох гадоў пазбаўлення волі.

максим елканов

Першых трох сведкаў – Сяргея Вераб’ёваВасіля Воінскага і Сяргея Талмачова дапыталі ў першы дзень пасля допыту самога Ялканава. На другі дзень у суд выклікалі яшчэ чатырох сведкаў. Адзін з іх не з’явіўся і прычыны нез’яўлення суду не былі вядомыя.

Хто паклікаў на альтанку

Першым апытвалі Аляксея Грышкаўца. Ён распавёў, што на працы, дзе яны працуюць разам з Максімам Ялканавым на адным аб’екце, з раніцы 10 жніўня 2020 года падчас перакураў усе глядзелі відэа на тэлефонах тых, хто здолеў спампаваць у ўсталяваць праграмы абыходу блакавання інтэрнэту. Паводле Грышкаўца, тое, што паказвалася ў відэароліках, шакавала ўсіх. Некалькі работнікаў, у тым ліку і Ялканаў, дамовіліся ўвечары сустрэцца на альтанцы на вуліцы Сняжкова і пайсці ў цэнтр Рэчыцы, каб пабачыць, што адбываецца там і як у Рэчыцы паводзяць сябе міліцыянты.

Альтанка на вуліцы Сняжкова ў Рэчыцы, дзе сустракаліся сябры. 

Суддзя Салоўскі вельмі доўга дапытваўся ў Грышкаўца хто канкрэтна прапанаваў сустрэцца ўвечары на альтанцы. Сведка тлумачыў, што такое жаданне ўзнікла ва ўсіх і канкрэтна ніхто не прапаноўваў. Таксама Салоўскі дамагаўся ад Грышкаўца, які казаў, што ні ў альтанцы, ні на працы не чуў, каб Ялканаў прапаноўваў ісці ў цэнтр горада ці ехаць у Гомель, ці не выключае той, што, пакуль ён стасаваўся з кімсьці іншым, Ялканаў іншым сваім суразмоўцам мог прапаноўваць такое. Грышкавец сцвердзіў, што ён пра гэта не ведае і сам не чуў.

Ад альтанкі на вуліцы Сняжкова некалькі чалавек пайшлі ў цэнтр Рэчыцы на плошчу каля капліцы Еўфрасінні Полацкай. Там усё было адносна спакойна. Тады пяцёра чалавек вырашылі паехаць і пабачыць, што адбываецца ў Гомелі. Там яны паставілі машыну на нейкай вуліцы, не даязджаючы да Савецкай, якая была перакрытая, і пайшлі ў бок танку (помнік на плошчы Паўстання).

Але не паспелі яны прайсці і некалькіх соцень метраў, як іх затрымалі міліцыянты. Грышкаўца аднаго пасадзілі ва УАЗ і завезлі ў Навабеліцкі РАУС. Там на яго склалі пратакол паводле артыкула 23.34 КабАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) і пазней зняволілі на суткі.

Сумнеў у праўдзівасці відэа ў інтэрнэце і збіццё ў РАУСе

Наступным дапытвалі Арцёма Грыба. Менавіта на ягоным аўтрамабілі хлопцы ехалі з Рэчыцы ў Гомель. Арцём даводзіцца стрыечным братам Максіму Ялканаву. Арцём досыць пераканана абгрунтоўваў свае дзеянні. Ён таксама распавёў, што з раніцы 10 жніўня ўсёй брыгадай глядзелі відэа, якія траплялі ў інтэрнэт з месцаў падзеяў у Мінску ды некаторых іншых гарадах. Суддзя Салоўскі пытаў Грыба ці глядзеў ён іншыя, афіцыйныя відэа на дзяржаўных каналах. Грыб адказаў, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы не глядзеў, бо ўвогуле іх ніколі не глядзіць. Паглядзеўшы відэаролікі, усёй брыгадай вырашылі ўвечары сабрацца на плошчы і патрабаваць ад уладаў, каб яны прадпрынялі нешта для спынення гвалту ў краіне.

Суддзя Салоўскі дапытваўся ў Арцёма Грыба ці ведаў ён пра тое, што збор на плошчы не дазволены ўладамі, альбо можа Ялканаў казаў яму, што мерапрыемства санкцыянаванае. Грыб адказаў, што ён нават не ўяўляў, што, каб сабрацца ў цэнтры свайго горада, не замінаючы нікому, патрэбныя нейкія дазволы.

Грыб распавёў, што ў Рэчыцы было ўсё спакойна. На плошчы шпацыравалі людзі сем’ямі, з дзецьмі, маладыя, старыя, агулам каля 100 чалавек. Міліцыянты атачылі плошчу і назіралі здаля. Некалькі чалавек, у якіх Грыб пазнаваў супрацоўнікаў карных органаў, у цывільным адзенні праходжваліся паміж іншых людзей. Але нейкіх гвалтоўных дзеянняў сілавікі не рабілі.

«У нейкі момант я стаў сумнявацца ў праўдзівасці тых ролікаў, якія бачыў у інтэрнэце, што ў людзей страляюць, што іх збіваюць. Мне, як і іншым маім сябрам стала цікава, ці толькі ў нашай Рэчыцы так спакойна. Таму мы вырашылі праехаць у Гомель і пабачыць, што адбываецца ў такім вялікім горадзе. На маёй машыне мы туды і паехалі», – распавёў Арцём Грыб.

Наконт падзеяў у Гомелі аповед Грыба адпавядае аповеду Грышкаўца. Яны паставілі машыну, не даязджаючы да перакрытай вуліцы Савецкай, і пайшлі ў бок плошчы Паўстання. Але праз некалькі хвілін да іх падбеглі міліцыянты і папрасілі прайсці з імі. Грыб кажа, што паводзіліся гэтыя супрацоўнікі тактоўна. Хлопцы таксама не супраціўляліся і выканалі загад міліцыянтаў.

Іх дваром правялі ў нейкае памяшканне. А потым перавезлі ў Навабеліцкі РАУС. Там, паводле словаў Арцёма Грыба, яго збівалі. Арцём распавёў на судзе, што яго білі па тулаве, пад дых. Пасля першага ўдару ён спытаў у міліцыянта за што той яго ўдарыў. Міліцыянт адказаў, што ён проста ўжо стаміўся. Потым яго яшчэ некалькі чалавек білі. Пасля гэтага яму далі падпісаць паперу пра тое, што ён папярэджаны пра адказнасць, прадугледжаную артыкулам 23.34 КабАП і недзе каля 4 гадзіны раніцы пачалі па чарзе выпускаць.

На пытанне Салоўскага ці звяртаўся Грыб наконт збіцця ў РАУСе у следчыя органы, Грыб засмяяўся, сказаўшы, што не бачыць сэнсу ў гэтым. Акрамя таго, яго ўвесь час трымалі тварам уніз і ён не бачыў ні твараў тых, хто яго біў, ні хаця б іхніх пагонаў. Салоўскі ж за смех абвясціў Грыбу папярэджанне, што будзе прыцягнуты да адказнасці за непавагу да суда.

Падобныя паказанні даў у судзе і сведка Валерый Казей. Ён працуе на іншым заводзе, чым Ялканаў і папярэднія сведкі. Яму 10 жніўня тэлефанаваў Ялканаў і пытаў ці не хоча ён паехаць увечары ў Гомель, каб пабачыць, што там адбывацьмецца. Казаў, што ягоны завод амаль увесь, нават кіраўнікі рознага ўзроўню, гатовыя выходзіць на вуліцы. Прапанаваў абзваньваць іншых, можа яшчэ хто захоча.

«Апаненцікі» на аўтазаках

Яшчэ дваіх сведкаў апытвалі на трэці дзень суда. Юрый Агеенка распавёў, што праглядаў 10 жніўня навіны на канале «Еўраньюс», бо на дзяржаўных беларускіх каналах нічога пра масавыя пратэсты не бачыў. Недзе перад абедам 10 жніўня яму патэлефанаваў Ялканаў і паведаміў, што ўчора на плошчы міліцыянты схапілі двух іхніх агульных знаёмых. Прапанаваў увечары выйсці разам з іншымі на цэнтр Рэчыцы, пабачыць, што там будзе адбывацца, пры нагодзе паехаць у Гомель і паглядзець, што будзе там. Салоўскі дапытваўся ў Агеенкі ці абмяркоўвалі яны з Ялканавым свае дзеянні, калі іх будуць затрымліваць. Агеенка казаў, што абмяркоўвалі, што будзем адзін аднаго любымі спосабамі ратаваць ад затрымання.

У тэлефоннай размове з Ялканавым, калі Агеенка ужо ішоў на сустрэчу на альтанцы на вуліцы Сняжкова, апошні паведаміў, што паўз яго праехалі некалькі машын, якія нагадвалі аўтазакі. Ялканаў на гэта сказаў: «Апаненцікі едуць». Суддзя Салоўскі запытаўся ў Агеенкі, што за назва такая. Агеенка распавёў, што так звычайна называюць праціўнікаў у двубоі. Але на той момант, як сказаў Агеенка, ён успрыняў такую назву як жарт, бо ўступаць у бойкі з міліцыянтамі ніхто не збіраўся. Апісанне далейшых падзеяў у Рэчыцы і Гомелі з вуснаў Агеенкі супадае з тым, што распавядалі іншыя сведкі.

Яшчэ адным апытаным падчас судовага паседжання сведкам стаў родны брат Маскіма Ялканава па маці Аляксей Катлярэнка. Ён падчас апісваемых падзеяў знаходзіўся на стацыянарным лекаванні ў рэчыцкім шпіталі. 10 жніўня ў другой палове дня яму патэлефанаваў Ялканаў. Ён спытаў ці ёсць у яго нейкія сябры, якія хацелі б увечары пайсці ў цэнтр Рэчыцы, каб пабачыць, што там будзе адбывацца, бо ва ўсёй краіне людзі выходзяць. Катлярэнка нікому не тэлефанаваў і не пытаў пра гэта.

Яшчэ двое сведкаў так і не з’явіліся ў судзе. Адзін з іх паведаміў, што знаходзіцца на працы ва Украіне і цягам месяца ў Беларусь вяртацца не плануе. Іншы, паводле інфармацыі ўчастковага міліцыянта, які спрабаваў ажыццявіць прывад сведкі ў суд, знаходзіцца на самаізаляцыі. Суддзя зачытаў паказанні гэтых сведкаў на папярэднім следстве. Яны не маюць істотных разыходжанняў з паказаннямі іншых апытаных сведкаў.

«Сакрэтныя матэрыялы» ў адкрытым судзе

Таксама паміж апытаннямі сведкаў у судзе адбылося вывучэнне рэчавых доказаў. Праслухалі два кампакт-дыскі з аўдыязапісамі праслушкі тэлефонаў Ялканава і іншых за 10 жніўня, а таксама паглядзелі некалькі кампакт-дыскаў са змесцівам памяці тэлефонаў фігурантаў справы і дэталізацыямі тэлефанаванняў фігурантаў. Нейкія матэрыялы аператыўна-вышуковай дзейнасці суддзя Салоўскі агледзеў аднаасобна, як ён выказаўся «паводле правілаў сакрэтнага справаводства». Пра гэта ён на адкрытым судовым паседжанні толькі зачытаў уласную даведку.

Пасля гэтага Салоўскі запытаўся ў прадстаўнікоў абвінавачвання і абароны ці гатовыя яны да судовых спрэчак. На што дзяржабвінаваўца Ірына Курбацкая папрасіла суд абвясціць перапынак для падрыхтоўкі. Салоўскі хадайніцтва пракуроркі задаволіў і адклаў наступнае паседжанне, на якім мусяць адбыцца спрэчкі, да 14 чэрвеня.