У Рэчыцы адбыліся адвольныя прэвентыўныя затрыманні людзей, якія выязджалі ў Мінск

0

Паміж 6 і 8 гадзінамі раніцы 26 кастрычніка на выездзе з Рэчыцы супрацоўнікі ДАІ спынілі два аўтамабілі з пасажырамі і пад надуманымі падставамі прымусілі іх патрапіць у РАУС, дзе пратрымалі некалькі гадзінаў. Аднаго затрыманага так і не вызвалілі, піша Палеская Вясна.

 

Як распавялі Палескай Вясне самі затрыманыя, яшчэ з самай раніцы яны заўважылі ў раёне прыватнай забудовы, які носіць назву «Верталётная пляцоўка» падазроную актыўнасць патрулёў дзяржаўтаінспекцыі. Калі ж жыхары Рэчыцы на двух аўтамабілях вырушылі з вуліцы Вялікай Садовай на заходні абход горада, каб далей ехаць на шашу ў бок Мінску, іх пачала пераследаваць аўтамашына ДАІ, якая чакала іх каля выезду з вуліцы.

Адразу пасля павароту на шашу Р-82 Рэчыца – Парычы, экіпаж ДАІ падаў знак праблясковымі маячкамі, каб аўтамабілі прыціснуліся да збочыны і спыніліся. Адной з машынаў кіравала жанчына, іншаю мужчына. Вынікам стала тое, што міліцыянты заявілі, што нібыта аўтамашына жанчыны знаходзіцца ў вышуку, таму ёй трэба праехаць у ДАІ для высвятлення абставінаў. А ў мужчыны быццам бы надта пашыраныя зрэнкі, што выклікае падазрэнні аб тым, што ён ужываў наркатычныя сродкі, таму яму трэба праехаць на медычнае асведчанне і здачу аналізу. Разам з кіроўцамі затрымалі і пасажыраў нібыта для высвятлення нейкіх акалічнасцяў таго, калі і пры якіх абставінах яны ўжывалі наркатычныя сродкі.

 

Паводле вынікаў так званага «разбіральніцтва», якое доўжылася некалькі гадзін, жанчыне-кіроўцу патлумачылі, што ранейшы ўладальнік аўтамабіля (набытага цяперашняй уладальніцай 6 гадоў таму) часта трапляўся за парушэнні ПДР і не выплаціў нейкія штарфы, таму ўзнікла такая сітуацыя. Іншы кіроўца здаў аналіз на наркотыкі, але вонкавае асведчанне лекарам-нарколагам не выявіла ў яго стане нейкіх адхіленняў, якія маглі б быць звязаныя з ужываннем наркотыкаў. Аналіз мусіць быць гатовы 30 кастрычніка і на гэтую дату яму выдалі позву у РАУС на развязанне пытання аб завядзенні супраць яго справы. Пасажыраў аўтамабіляў у РАУС апыталі ці не ўжывалі яны наркатычныя рэчывы, патрабуючы адказаць на пытанні як гэта адбывалася.

Пасля апытанняў аднаго з пасажыраў – Аляксандра Чыкунова пакінулі ў ізалятары часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС для адбыцця 9 сутак арышту, якія ён не адбыў пасля аднаго са сваіх затрыманняў адразу пасля выбараў. Іншых удзельнікаў інцыдэнту пасля абеду вызвалілі.

Leave A Reply

Your email address will not be published.